КЕМЕ́ЛІШКАЎСКІ КАСЦЁЛ НАРАДЖЭ́ННЯ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1900 у в. Кемелішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. на месцы драўлянага касцёла, узведзенага ў 1781. Спалучае рысы стыляў мадэрн, неакласіцызму і несапраўднай готыкі. Храм крыжовы ў плане, 6-слуповы, зальнага тыпу з 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пн прымыкае сакрысція. Гал. фасад завершаны дзвюма 2-яруснымі вежамі (васьмярык на чацверыку), накрытымі спічастымі шатрамі (кожны мае 4 дэкар. франтончыкі са шпілем). Гал. ўваход вылучаны 4-слуповым ганкам. Франтоны тарцоў трансепта завершаны невял. чацверыковымі шатровымі вежачкамі. Побач з касцёлам 3-ярусная чацверыковая званіца з шатровым дахам.

Ю.А.Якімовіч.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)